Восень… Шапаціць лісце пад нагамі. Толькі лісты дуба прагна чапляюцца за жыццё.
Успомніліся радкі з верша, які прачытала настаўніца:
Не страшна мне
Ні твань, ні багна,
Ані віхуры гул і свіст -
Я за жыццё схапіўся прагна,
Як за галлё
Дубовы ліст.
Па восені,
Мядзяны, дужы,
Між хмурай стыні ён гарыць...
Трасуць яго вятры і сцюжы,
А ён адно ў адказ -
Звініць.
Я (мяне завуць Елізар, вучуся я ў 9 класе ДУА “Сярэдняя школа № 14 г.Маладзечна”) іду са школы, а думкі недзе там, яшчэ на ўроках. Сёння іх было, як заўсёды, шэсць. Былі ўрокі гісторыі, беларускай літаратуры… Гэтыя два прадметы неяк перамежаваліся, перамяшаліся сваімі з’явамі і падзеямі, лёсамі краін, лёсамі людзей. Жыццё не стаіць на месцы… І да нас таксама жылі людзі, вучыліся, працавалі, ваявалі. А мы пражываем сваё жыццё і не ведаем, кім былі нашы дзяды і прадзеды. Неяк заўсёды не хапае часу пагаварыць з бабуляй ці матуляй пра бацькоў, пацікавіцца, як яны жылі,чым займаліся…
Захоплены сваімі думкамі, я не заўважыў, як падышоў да свайго дома.
Мяне сустрэла мама. Пацікавіўшыся справамі ў школе, яна паставіла на стол ежу, але думкі аб мінуўшчыне захаплялі мяне больш, і я папрасіў расказаць пра бабулю і дзядулю, пра іх бацькоў усё, што яна ведае.
Вечарам, калі ўся сям’я сабралася каля каміна, я напомніў пра сваю просьбу: “Мама, раскажы мне пра маіх родных людзей, якія жылі да нас. Што ты пра іх ведаеш? Што табе расказвала бабуля пра сваіх бацькоў?”
Мама ўсміхнулася. Я зразумеў, што яе ўсмешка – гэта знак згоды на аповед пра родных. Мама ціхім голасам распачала гаворку:
“Мой дзядуля, а твой прадзядуля быў мужным і гераічным чалавекам. Звалі яго Беразоўскі Аляксандр Іванавіч. Нарадзіўся ён 25 мая 1923 года ў вёсцы Зажэвічы Любанскага раёна Мінскай вобласці. У 1940 годзе скончыў школу. Пайшоў на фронт у 1942 годзе.
Аднойчы адбылося наступнае. Бомба, якую скінулі фашысты, трапіла ў зямлянку, прабіла ўмацаванне. Калі санітары прыбылі на месца выбуху, іх дапамога не спатрэбілася. Усе, хто знаходзіўся ў зямлянцы,загінулі. З-пад абломкаў тырчалі ногі аднаго з загінуўшых. Санітары паспрабавалі пацягнуць – нічога не атрымалася.
Не ведалі яны, што чалавек жывы. Сувязіст Аляксандр Іванавіч Беразоўскі, твой прадзед, быў кантужаны, страціў прытомнасць. Калі ён ачуняў, ніяк не мог зразумець, што з ім здарылася. “Ногі, плечы сціснуты бярвеннямі, твар засыпаны пяском”, - так нам калісьці расказваў Аляксандр Іванавіч. Памятаў, як зайшоў ў зямлянку ў час бамбёжкі фашыстамі нашых пазіцый пасля праверкі сувязі. Як звычайна, сеў каля сцяны, побач з тэлефонамі: сувязіста ў любы момант маглі паклікаць. Пасля выбуху бервяно звалілася і прыціснула яго да сцяны, тым самым аслабіла ўдар. Калі зразумеў, што засыпаны, з’явілася думка: як выбрацца на паверхню?
Аляксандр Іванавіч паціху выграб з-пад сябе пясок. Складана было: яшчэ не загаіліся раны, атрыманыя ў адным з баёў пад Нарвай. Падумаў: “Няўжо на гэты раз - канец?”
… Вайна застала твайго прадзядулю Аляксандра Іванавіча ў Мурманску, куды ён паехаў пагасціць да дзядзькі. Пакуль ён разбіраўся, што да чаго, ехаць на Старобіншчыну, у сваю родную вёску Зажэвічы, было ўжо позна. Пайшоў рабочым-пуцейцам на ваенна- аднаўляльны цягнік. Неаднаразова прасіўся на фронт. Але… “Выпрасіўся” на фронт толькі ў 1942 годзе.
У складзе 81 армейскай гарматнай артылерыйскай брыгады, якая ўваходзіла ў склад 67 арміі Ленінградскага фронту, прыняў першы бой пад Смаленскам. У абавязкі сувязіста-тэлефаніста ўваходзіла забеспячэнне сувязі паміж назіральнікамі-карэкціроўшыкамі і батарэямі. Пад выбухамі гармат прабіраўся па лініі, рамантаваў пашкоджанні, дакладваў: “Сувязь ёсць!”
Брыгада пастаянна знаходзілася ў складзе дзеючай Чырвонай Арміі, яна забяспечвала дзеянні пяхоты і танкаў у многіх баях. Беразоўскі Аляксандр Іванавіч удзельнічаў у шасці буйных аперацыях.
Потым у адну са штурмавых начэй полк быў перакінуты ў блакадны Ленінград. Зноў баі, зноў усталяванне і рамонт сувязі. Адтуль, з горада на Няве, ішоў разам са сваімі аднапалчанамі на прарыў блакады, выганяў ворага з роднай зямлі.
…Дык няўжо цяпер, калі адступаючы, вораг жорстка агрызаецца, калі кожны дзень набліжае перамогу,ён, Аляксандр Беразоўскі, скарыцца? Ніколі! Ён павінен жыць, жыць, каб помсціць!
Сціснуўшы зубы, выпрастаўшы плечы, паспрабаваў вызваліць нагу. Крыху зварухнуўся з месца. Адпачыўшы, працягваў рухацца. Калі амаль што выбраўся, сілы пакінулі яго. Без прытомнасці яго заўважылі і падабралі санітары.
Праз тры месяцы ён вярнуўся у полк. Вызваляў Талін, Варшаву, Данцынг, Гдыню, Шчэцын. Тут, на Вісле, да некалькіх баявых медалёў за выдатна зробленую сувязь на грудзях Аляксандра Беразоўскага з’явіўся ордэн Чырвонай Зоркі.
“Цяжка ўспамінаць той час, - гаварыў твой прадзед.- Яшчэ цяжэй было ваяваць”. Пад станцыяй Шушары іх артылерыйская брыгада папала ў акружэнне. Але ўсё ж вырвалася з жалезнага кальца і прыйшла на Пулкаўскія вышыні. Адтуль накіравалі на Неўскі пятачок. Там і “стаялі” да прарыву блакады. Стаялі – паняцце адноснае. Артылерыстам па некалькі разоў у суткі прыходзілася ўступаць ў паядынак з фашыстамі. У прарыве блакады Ленінграда прымалі самы непасрэдны ўдзел, знішчаючы агнявую сілу і агнявыя сродкі ворага. На кацерах з гарматамі прыходзілася перабірацца праз Ладагу.
Франтавыя дарогі прывялі Аляксандра Іванавіча ва Усходнюю Прусію. Там ён штурмаваў не адну фашысцкую крэпасць.
У час Усходнепрускай аперацыі савецкія войскі выйшлі да Балтыйскага мора і акружылі фашысцкія групіроўкі ў раёне Кёнігсберга. За бой ва Усходняй Прусіі брыгада была ўзнагароджана ордэнам Суворава, а твой прадзед – медалём “ За взятие Кёнигсберга”. Затым Аляксандр Беразоўскі пад шквальным агнём фарсіраваў Одэр. “Нягледзячы на цяжкасці, - успамінаў ён, - нашы артылерысты змаглі перабрацца на нямецкі бераг і замацавацца на ім”.
Я перапыняю матулю і паказваю ордэн Чырвонай Зоркі: “А гэты ордэн за што?” Матуля дастае дакументы і чытае ўголас: “При прорыве обороны северо-западнее города Пултуск, являясь начальником направления связи НП командира дивизиона НП 5 батареи, проявил исключительный подвиг мужества и отваги. Находясь под непрерывным артиллерийским огнём в течение 5 часов, обеспечивал своевременную связь, устранил 13 порывов связи. Взятый кабель для соединения порывов был израсходован, и он лично телом соединил порыв. 15.01.45г., будучи легко контужен, ефрейтор Березовский не покинул боевого поста, восстановил 9 порывов связи, чем обеспечил своевременное открытие огня по действующим артбатареям противника. Это способствовало продвижению нашей пехоты».
Дзень Перамогі Аляксандр Іванавіч сустрэў на Эльбе.
Вайна – не толькі вялікая бяспека, але і непасільная праца людзей. “Я, мусіць, выдатна навучыўся працаваць на вайне. Гэта адбілася на ўсёй маёй наступнай пасляваеннай рабоце”, - гаварыў Аляксандр Іванавіч.
І гэта сапраўды так, бо пасля вайны ён працаваў загадчыкам Беразняцкай пачатковай школы Ленінскага раёна Пінскай вобласці, затым загадчыкам Грабоўскай пачатковай школы. Праз некалькі год Аляксандр Іванавіч стаў інструктарам раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі ў Ленінскім РК КПБ, пасля – брыгадзірам калгаса “Чырвоны Кастрычнік”.
За поспехі ў працы яго прызначылі старшынёй Мілевічскага сельскага савета, а калі выйшаў на пенсію – стаў рабочым Салігорскага калійнага камбіната, бо без працы ён не мог.
За добрасумленную працу ён узнагароджаны ордэнам Леніна.
Вось так,сынок, такі ў цябе быў прадзед,”- закончыла свой аповед мама.
Потым мы яшчэ доўга разглядалі фотаздымкі і ўзнагароды майго прадзеда Аляксандра Іванавіча Беразоўскага.
Мне, здаецца, гісторыя гэтага гераічнага чалавека заслугоўвае быць вядомай не толькі маёй сям’і, але і нашаму маладому пакаленню, якое на шчасце, не ведае, што такое вайна.
Мой прадзед, Беразоўскі Аляксандр Іванавіч, памёр ў 2004 годдзе, калі мне было тры гады, але я памятаю яго прыгожы і мужны твар.
Раніца. Зноў бягу ў школу. Пад нагамі шапаціць лісце… Шапаціць наша памяць. Вось так, як гэты ліст, заканчавецца жыццё аднаго чалавека, каб саступіць дарогу новаму…
Цяпер я ўжо ведаю радкі верша Петруся Броўкі на памяць:
Не страшна мне
Ні твань, ні багна,
Ані віхуры гул і свіст -
Я за жыццё схапіўся прагна,
Як за галлё
Дубовы ліст.
Па восені,
Мядзяны, дужы,
Між хмурай стыні ён гарыць...
Трасуць яго вятры і сцюжы,
А ён адно ў адказ -
Звініць.
Калі зімой
Мятлюга грае
І злосна шчэрыцца мароз,
Ён, як далонню, прыкрывае
Галінку тую,
Дзе прарос.
І толькі ў ясны дзень
Вясновы,
Калі красуе ўсё вакол, -
Перад лістком зялёным, новым
Ён ціха падае
На дол.
раскрыть » / « свернуть